Сацыяльная служба раёна практыкуе новыя формы работы

« Назад

05.01.2024 18:36

За мінулыя гады цэнтр прайшоў пэўныя стадыі развіцця, «вырас» не толькі арганізацыйна, але і па колькасці паслуг, умацаваў матэрыяльна-тэхнічную базу.

У 2003 годзе рашэннем райвыканкама быў створаны тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Першым дырэктарам стаў Уладзімір Стома, затым кіравалі Дзіяна Ранцюк, Святлана Блашко. 

У 2022 годзе працу на пасадзе дырэктара пачала Аксана Жыбуль.

Цяпер у цэнтры працуе пяць аддзяленняў: першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання; сацыяльнай дапамогі дома; комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі; забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту; сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў.

Каштоўнасць – у супрацоўніках

Ва ўстанове працуюць 177 спецыялістаў, клопатам і ўвагай якіх акружана больш за 11 600 жыхароў раёна. У кожнага работніка свой род дзейнасці, але галоўнае – іх прафесія прыносіць свой плён, людзі набываюць надзею і сілы рухацца далей.

Ва ўзаемадзеянні з грамадскімі аб’яднаннямі і арганізацыямі, сельвыканкамамі, установамі аховы здароўя і адукацыі калектыў вядзе актыўную работу па выяўленні грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні, вызначэнні для іх неабходнай сацыяльнай дапамогі і падтрымкі.

Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Наталлі Гурыненка, загадчыц аддзелаў Жанны Нікалаеня, Алены Юхноўскай, Алы Шыдлоўскай, Таццяны Місюкевіч, Таццяны Мамайка цэнтр стаў месцам дапамогі і клопату, куды можна заўсёды звярнуцца па дапамогу ў вырашэнні сацыяльных праблем.

Самае шматлікае ў тэрытарыяльным цэнтры – аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома. Тут працуюць 89 сацыяльных работнікаў, 36 сядзелак, 12 нянь, 5 інспектараў.

Больш за 20 гадоў працуюць сацыяльнымі работнікамі Кацярына Кажамяка, Ірына Емяльяненка, Марына Якусік, Жанна Райская, Валянціна Паплаўская, Іосіф Паплаўскі, Валянціна Угрыновіч.

Новыя формы і магчымасці

Для арганізацыі культурна-забаўляльнай дзейнасці сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян арганізавана работа гурткоў і клубаў, творчых аб’яднанняў рознай накіраванасці. Рэалізавана вялікая колькасць дабрачынных акцый: «Анёл міласэрнасці», «Разам у школу», «Помнім! Ганарымся!», «Калядныя цуды» і інш.

У цэнтры функцыянуе салон «Міласэрнасць», дзе можна атрымаць гуманітарную дапамогу. Ёсць і пункт пракату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі.

Апошнім часам актыўна ўмацоўваецца і матэрыяльна-тэхнічная база: набыты спецадзенне і веласіпеды для сацыяльных работнікаў, швейныя машыны для людзей з інваліднасцю, мультыборд і інш.

Райвыканкам перадаў у цэнтр двухпакаёвую кватэру для сумеснага самастойнага пражывання грамадзян, якія жывуць адны, інвалідаў, сем’яў, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі. У перспектыве – аказанне трэніровачных паслуг людзям з інваліднасцю на базе гэтай кватэры.

Пры падтрымцы дзяржавы пачата ўзвядзенне новага будынка тэрытарыяльнага цэнтра.

– Планаў у нас шмат, – адзначае дырэктар цэнтра Аксана Жыбуль. – Мы працуем для людзей і на іх карысць.